Валентин Дудкевич

Народный артист Беларуси

Iнтэрв’ю газеце “Рэспублiка”

"Раман з танцам"

6 кастрычніка 75-годдзе адзначыць народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч, прызнаны майстар харэаграфіі, балетмайстар-пастаноўшчык, рэжысёр, сцэнарыст, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі. З гэтай нагоды славутым калектывам, які маэстра ўзначальвае ўжо больш за 30 гадоў, падрыхтавана вялікая канцэртная праграма. У дзень юбілею маэстра яе прадставяць на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

-- Валянцін Уладзіміравіч, у рэпертуары ансамбля ўдалых і паспяховых танцавальных нумароў, пастаўленых вамі, нямала, многія з разраду шлягераў перараслі ў разрад класікі жанру. А што новенькае падрыхтавалі для юбілейнай праграмы?

-- Ёсць у ёй адзін прэм'ерны нумар. Доўга не мог да яго падступіцца. Ён завяршае мой цыкл гістарычных рэтраспектыў -- "Крывічы", "Дайнова", "Люцічы" і вось цяпер -- «Яцвягі».

-- Працяг вашых здагадак, пра тое, што генетыка беларусаў больш балцкая?

-- Так. Але гэта не зусім здагадкі. Некалькі гадоў таму я зацікавіўся гісторыяй Беларусі, часамі, якія яшчэ глыбей, чым Вялікае княства Літоўскае. Перачытаў шмат навуковай літаратуры і прыйшоў да высновы, што генетыка беларусаў славянізаваная, але балцкая. Іншая, чым у рускіх і ўкраінцаў, з якімі нас назваюць брацкімі народамі. Таму што з глыбіні вякоў тэрытарыяльна асноўныя нашы народнасці -- крывічы, дайнова, яцвягі. А гэта ж -- балты. Некалі мяне вельмі захапіла гэтая тэма, захацелася ўвасобіць яе ў танцы.

Вядома, з тых часоў нічога не засталося. Дакладна ўзнавіць, як было калісьці нерэальна. Звестак ускосных – крупінкі. Напрыклад, знайшоў некалькі ў  скандынаўскіх сагах пра люцічаў, ёсць сведчанні, што яны прыйшлі ў ВКЛ і сталі асновай яго войска. Або ў старажытных хроніках пра Вялікую княгіню Вольгу: ваявала з яцвягамі, калі спраўлялася па Дзвіне. Па такіх рэдкіх згадках і пачаў спрабаваць стварыць вобраз, прадставіць, якімі маглі быць тады танец, стыль.

-- Рэканструкцыя заўсёды выклікае спрэчкі, наколькі яна аб'ектыўная.

-- Я на гэты конт не замарочваюся і не чакаю нечага стопрацэнтнага прызнання. Гэта -- мая фантазія, увасабленне маіх роздумаў, мае развагі пра нашу глыбокую гісторыю. Хтосьці зразумее мае зашыфраваныя коды, -- добра. А, калі  – не, дык тады той проста пачуе добрую музыку, убачыць прыгожыя касцюмы, рухі, адчуе гармонію і пластыку танца.

-- Вашы рэканструкцыі-эксперыменты не адмаўляюць традыцыйны беларускі народны танец?

-- Зразумела, не. Я ніколі нічога з рэпертуару не выкідваў. І калі нешта зроблена добра да мяне -- няхай таксама будзе. Гэта мой прынцып, я пачынаў з гэтага - нарошчваць, назапашваць рэпертуар. Але хачу адзначыць, што аўтэнтычным, у нязменным выглядзе фальклор можа заставацца толькі нейдзе ў музеі. Тое ж, што на сцэну выходзіць, -- гэта аўтарскі погляд на фальклор. Прычым, і ён не стаіць на месцы. Адзін з ранейшых кіраўнікоў калектыву, яго дзейнасць я больш за ўсіх цаню, Сямён Уладзіміравіч Дрэчын, пакуль быў жывы, кожны год прыходзіў і карэкціраваў патроху свае нумары. Таму што мяняўся час.

Наогул, пра фальклор можна казаць доўга. Я яго падзяляю: вясковы, гарадской, арыстакратычны. Гэтыя пласты рознай «таўшчыні», але кожны з іх -- частка нашай танцавальнай культуры. Адна з маіх задач – стварэнне сучаснага  беларускага танца. Бо, калі мы не будзем развівацца ў гэтым кірунку, мы проста перастанем быць цікавымі моладзі. Таму я спрабую злучыць традыцыйнае з тым, што адбываецца ў танцы сённяшнім. Адзін з такіх паспяховых нумароў -- «Лянок». Ён зараз вельмі папулярны. Пасля паказу ў Маскве ў зале Чайкоўскага трапіў у інтэрнэт, разыйшоўся па ўсёй Расіі. Цяпер паўсюль яго выконваюць як беларускі народны танец, пра аўтара ніхто не ўзгадвае. А сёння ні адзін народны танец не бывае без аўтара. Дарэчы, “Лянок” пакажам у фінале юбілейнага канцэрту: ад этна крывічаў у пачатку -- да сучаснага народнага танца.

-- Канцэрты, яркія нумары, поспех -- а што за сцэнай? Што хвалюе кіраўніка старэйшага ў краіне прафесійнага харэаграфічнага калектыву народнага танца?

-- Асноўная бяда -- страта танцоўшчыкаў-мужчын у калектыве. Хлопцы перасталі ісці нават у нашы профільныя навучальныя ўстановы. Прафесія перастала карміць, сыходзіць. Вось і зараз у мяне на стале заява ляжыць, вядучы танцоўшчык звальняецца. І ў мяне аргументаў няма, каб яго ўтрымаць. Жыве ў арандаванай кватэры, плаціць трэба па 400 рублёў, а заробку толькі на гэта і хапае. У адпачынку папрацаваў летам месяц на ўстаноўцы вокнаў -- 1300 рублёў. Ёсць розніца? Так гэта вядучы артыст. А трыццаці танцоўшчыкам, якія прыйшлі да нас па размеркаванні, ансамбль да пражытковага мінімуму даплачвае. Лічу, ёсць у гэтым несправядлівасць. Напрыклад, у нашага ўзроўню танцавальных калектываў у Расіі, Украіне, Грузіі, Малдове такіх праблем няма, іх падтрымліваюць прэзідэнцкія гранты.

-- Ваш юбілейны вечар называецца "Што я люблю, у што я веру ..." Што любіце? У што верыце?

-- Люблю тое, у што веру. А веру ў многія правільныя рэчы. Напрыклад, мяне выхавалі прыстойным чалавекам, я сваіх дзяцей такімі ж выхаваў і калектыў свой так выхоўваю. Але тыя, у каго прыстойнасці менш, жывуць лепш -- на жаль, так. З самага пачатку, калі стаў працаваць, а ў мастацтве я ўжо больш за 50 гадоў, сказаў сабе: трэба ўсё рабіць сумленна, бо я мясцовы, тутэйшы, не магу ганьбіць ні сябе, ні сям'ю, ні свой род. Бо тут жыву, усё тут люблю і хачу, каб тут было добра. Так, я -- сумленны чалавек. Хаця іншы раз думаю, напэўна, я -- від, які вымірае.

Ірына СВІРКО

Комментариев еще нет.

Оставить комментарий