Валентин Дудкевич

Народный артист Беларуси

Iнтэрв’ю газеце “Культура”

Танец, гісторыя, грошы і… “Шчаўкунок”

Днямі народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Валянцін ДУДКЕВІЧ справіў 75-годдзе. Юбілейную вечарыну “Што я люблю, у што я веру…” убачылі не толькі гледачы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, на сцэне якога прайшоў канцэрт, але і шматтысячная тэлеаўдыторыя.

 ***

-- Пэўна, праграма невыпадкова пачыналася вялікім гістарычным блокам? “Крывічы”, “Люцічы”, “Яцвягі” --  і далей да ХІХ стагоддзя, пададзенага праз “Паланэз” паводле аднайменнага музычнага твора Міхала Клеафаса Агінскага.

-- Першыя тры нумары (а ў свой час была зроблена таксама “Дайнова”) --  гэта штосьці накшталт гістарычнай рэканструкцыі, выяўленне ў харэаграфіі маіх пошукаў нашых нацыянальных беларускіх каранёў: гэта тое, “што я люблю”. Апошнім часам пра гэта шмат гаворыцца, але далей за Вялікае княства Літоўскае мы ў мастацтве чамусьці не зрушылі. Больш спыняемся на Рэчы Паспалітай. Дый пачаўся гэты шлях углыб стагоддзяў, калі нас туды, што называецца, пусцілі. А дазволілі гэта не так даўно, таму і ёсць прагалы, якія хацелася ліквідаваць хаця б часткова.

Слухаю Валянціна Уладзіміравіча, а перад вачыма паўстаюць самі кампазіцыі. “Крывічы”, зробленыя крыху раней, больш, на мой погляд, традыцыйныя, сімвалізуюць карагод і скокі ля вогнішча. А вось “Люцічы” --  гэта засваенне новай мастацкай прасторы. Не проста канцэртны нумар, а мініспектакль на мяжы танца з пластычным тэатрам, абрадавымі дзеяннямі, шаманствам, пантамімай, гімнастыкай, цыркавым мастацтвам, з відавочнай спасылкай да “Вітрувіянскага чалавека” Леанарда да Вінчы. Прынцыпова змянілася там і гукавая аснова: не звыклая танцавальная музыка, стылізаваная пад даўніну ці нават заснаваная на цытатах, а сумесь сціслых тэм-заклічак з тэатральнымі шумамі, электронікай. Гэткі саунд-трэк, годны фэнтэзі! Ну а прэм’ера “Яцвягі” --  бы новы, цалкам пераасэнсаваны, лірычна рамантызаваны мінібалет “Вясна свяшчэнная”. Так беларусаў у народным танцы яшчэ не паказвалі. У мяне ўзнікалі хіба нейкія асацыяцыі са спробай доктара мастацтвазнаўства, знакамітай даследчыцы Юліі Чурко адлюстраваць беларускія легенды і паданні ў балеце “Колазварот”, які ішоў у нашым Вялікім тэатры ў канцы 1990-х.    


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

-- Рыхтуючы танцавальныя нумары, звязаныя з даўніной, звяртаюся да навуковай літаратуры, прысвечанай гэтай эпосе. Цікавыя разважанні знайшоў у таго ж Васіля Ключэўскага, знанага расійскага гісторыка ХІХ стагоддзя. Паводле гэтых даследаванняў, генетыка вялікаросаў у большасці фінская. А ў нас --  балцкая лінія, хаця і славянізаваная. Гэта пацвердзіла мае ўласныя назіранні, што ўзнікалі ў час паездак і знаёмства з танцавальнай культурай іншых краін. Зірніце на тую ж танальнасць прыроды, геаграфічнага асяроддзя. Пераязджаеш мяжу з Польшчай ці Літвой --  усё тое ж самае: тыя ж лясы, палі, рэкі, азёры --  тыя ж, што вельмі важна, прыродныя фарбы, якія фарміруюць колераўспрыманне, уздзейнічаюць на нацыянальныя строі. Прырода ўплывае і на менталітэт, нацыянальны характар --  павольны, памяркоўны. Параўнайце з той жа Украінай, якой уласціва куда большая яркасць, пярэстасць колераў. Тыя ж чырвоныя шаравары і гапак --  гэта ж сармацкая культура! А ў нас усё быццам намалявана пастэллю.

-- Такія ж думкі вы выказвалі на ўласным сайце, дзе ёсць ваш блог з надзвычай цікавымі эсе, прычым на розныя тэмы, не толькі ўласна танцавальныя. Можа, гэта нейкія накіды да будучай кнігі?

-- Напісаць кнігу не праблема: рука ў мяне лёгкая. Ды хто тое будзе чытаць? У дзяцінстве я шмат чытаў: і тое, што давалі па праграме, і шмат чаго іншага. Цяпер разумею: многае з таго было марнаваннем часу. А некаторыя пісьменнікі маглі б увогуле нічога не ствараць, каб не засмечваць культурна-інфармацыйную прастору. Блог --  гэта магчымасць выказаць свой пункт гледжання на тыя надзённыя праблемы, што мяне хвалююць. Гэта і заробкі артыстаў, і архітэктура Мінска, якую псуюць некаторыя новыя аб’екты. Не задавальняюць мяне і новыя храмы, якія будуюцца. Ці заўсёды яны выкананы ў нашых нацыянальных традыцыях? Наша традыцыя --  віленскае барока. Ці хаця б візантыйскае, што існавала да часоў татара-мангольскага нашэсця. Я ж гісторык мастацтва па адукацыі! Таму і дзялюся сваімі думкамі на гэты конт. І вельмі здзіўлены, што іншых гэта быццам не хвалюе. Нават самі архітэктары, якіх паводле самой прафесіі павінны закранаць пытанні нашай гармоніі з навакольным асяродкам, штосьці не выказваюцца. У той жа Польшчы сярод новых праваслаўных цэркваў ёсць вельмі адметныя! А наш навадзел, на жаль, часцей не ўяўляе асаблівай мастацкай каштоўнасці.

Бянтэжыць мяне і прыярытэт спорту над мастацтвам. Бо паміж імі неабходны баланс, а не перакос у адзін бок. Спорт патрэбны, ніхто не спрачаецца! І прафесійны спорт --  таксама. Але ва ўсім свеце заўважна, як ён апошнім часам усё больш камерцыялізуецца. Нацыянальнае мастацтва --  гэта тое, што вызначае нацыю. А спорт, пры ўсім тым, што перамогі алімпійцаў услаўляюць дзяржаву, не патрыятычны па сваёй прыродзе: спартсменаў усё больш пераманьваюць з краіны ў краіну, хто дзе больш заплоціць.

-- Дзеячы культуры таксама, здараецца, змяняюць месца жыхарства.

-- Найперш тады, калі не маюць магчымасцяў максімальна поўна рэалізаваць сябе. Але “нацыяльны след” у іх творчасці абавязкова застаецца! І ўтварае тое, што называюць дыялогам, які ўзбагачае абедзве культуры. У спорце ж усё базуецца на фізічных даных, умовах і метадалогіі заняткаў. Калі спартсмен імкнецца іграць за тую каманду, дзе яму больш плацяць, гэта нармальная сусветная практыка. Але калі адзін гулец каштуе больш за гадавы бюджэт вялізных калектываў, што прэзентуюць нацыянальную культуру, гэта няправільна. Так што блог я пішу не для кнігі --  для сябе самога. Рады, што гэта магу і ўмею. Як і з вершамі: напісаў каля двух дзесяткаў, зразумеў, што магу. І што не буду прысвячаць гэтаму ўсё сваё жыццё, як тое неабходна. Але пісьменнікам крыху зайздрошчу. Бо гэта, здаецца, адзіная творчая прафесія, дзе чалавек ні ад каго не залежыць, каб рэалізаваць сваю задуму. Бо харэограф, рэжысёр залежаць ад артыстаў. Тыя, у сваю чаргу, --  ад пастаноўшчыкаў. А перад літаратарам --  чысты ліст паперы. Вядома, пісьменнік залежыць ад выдаўцоў, але гэта тычыцца распаўсюджвання яго ідэй, а не ўласна іх выяўлення. Калісьці нават марыў стаць пісьменнікам, ды не склалася. Але часткова гэта рэалізавалася. Не адно праз блог, але і калі сам пісаў сцэнарыі сваіх канцэртаў і іншых праектаў.

Сапраўды, Валянцін Уладзіміравіч --  чалавек надзвычай рознабаковы. Скончыў харэаграфічнае вучылішча --  і раптам пачаў вывучаць гісторыю і тэорыю жывапісу ў тэатральна-мастацкім інстытуце, потым была аспірантура ў Інстытуце этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Харэаграфічную ж лінію працягнулі прэстыжныя майстар-класы ў Парыжы і Маскве. Дый працаваў ён у самых розных сферах! Артыстам балета ў нашым Вялікім тэатры --  і ў эстрадным аддзеле сталічнай філармоніі, дзе пазней стаў педагогам-рэпецітарам. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам, галоўным рэжысёрам у філармоніі. Нарэшце, з 1986-га ён у Ансамблі танца: спачатку галоўным балетмайстрам, праз некаторы час і па сёння --  мастацкім кіраўніком.

-- Вы ўмеце ўсё --  ну папросту “галоўны культуролаг усёй краіны”! На Захадзе падобныя сумяшчэнні і змены прафесій лічацца прагрэсіўнымі, у нас больш падтрымліваецца “адзіны запіс” у працоўнай кніжцы. Пераходы ў іншыя галіны культуры вам не перашкаджалі?

-- Дапамагалі. Хаця часцей я сыходзіў на куды меншы заробак. У наш меркантыльны час зразумець гэта цяжка, але грошы ніколі не былі для мяне галоўнымі. Больш важнай матывацыяй было іншае пытанне: наколькі цікава мне будзе тое, што я буду рабіць. Я ўвогуле люблю, калі мяне да чагосьці прымушаюць абставіны: пачынаеш больш сабрана думаць і дзейнічаць, канцэнтруешся.

-- Ці ж засталося яшчэ штосьці “недаследаванае”, куды хацелася б збочыць?

-- Так. Рабіць асобныя канцэртныя нумары і нават суцэльныя тэматычныя праграмы ў Ансамблі танца мне ўжо нецікава. Я адкрыў кірункі, у якіх мы павінны рухацца, у мяне ёсць паслядоўнікі, якія будуць гэта ажыццяўляць. Гэта балетмайстры Віталь Моўчан (ён выдатна працуе ў сучаснай стылістыцы, я толькі крыху набліжу яго да фальклору), Алена Грынчык, якую многія ведаюць як Ясмін. А мяне цікавіць… балет! Аднойчы на гастролях у Адэсе мне неяк прапанавалі паставіць навагодняга “Шчаўкунка”. Я тады адмахнуўся, а цяпер задумаўся. Пераслухаў музыку --  і арыгінал Чайкоўскага, і разнастайныя апрацоўкі яго партытуры для самых розных складаў, у розных стылях. Перачытаў Гофмана (а гэты сюжэт не толькі адна з яго “Дзіцячых казак”, як называўся зборнік, але і частка вялізнага двухтомнага рамана “Серапіёнавы браты”). І ўсё склалася! У маім балеце з’явіцца апавядальнік. Прыход гасцей будзе вырашаны больш побытава, як у пластычных спектаклях. Дзецям падарылі шмат прысмакаў --  і мышы не супраць паласавацца. Алавянныя салдацікі ўстаюць на абарону, перамагаюць --  і героі трапляюць у горад слодычаў. А завяршаецца ўсё Вальсам кветак. Вядома, гэты балет неаднаразова пераасэнсоўвалі як складаны філасофскі аповед. Мне ж хочацца зрабіць сапраўдную навагоднюю казку --  менавіта для дзяцей. І з удзелам дзяцей з маёй студыі: яны будуць сярод гасцей, запрошаных на навагоднюю ёлку. Мы не станем выкарыстоўваць сімфанічную партытуру! У мяне з’явіўся вельмі добры аранжыроўшчык з Універсітэта культуры і мастацтваў --  Арцём Фралоў. І я прапанаваў яму зрабіць сваю версію --  з выкарыстаннем у тым жа дывертысменце з другой дзеі, дзе ёсць іспанскі, арабскі, кітайскі, рускі танцы, адпаведных народных інструментаў гэтых краін. У часы Чайкоўскага ўсе схіляліся да звыклых аркестравых складаў, “экстравагантныя” інструменты імітаваліся больш традыцыйнымі. Сёння ёсць магчымасць адчуць сапраўдны гукавы каларыт іншых культур! Арцём зрабіў мне ўжо два танцы --  арабскі і кітайскі. У Чайкоўскага гэта былі маленькія фрагменты, а мы з таго музычнага матэрыялу нафантазіравалі разгорнутыя нумары. Рускі таксама будзе --  для балалайкі з гармонікам. І ў харэаграфіі --  ніякіх пуантаў ці мадэрну. Мы зробім своеасаблівую сюіту “танцаў народаў свету”.

-- Калі ж прэм’ера?

-- Думаю, праз год. Сам я ставіць не буду --  застануся аўтарам ідэі і мастацкім натхняльнікам. Два-тры харэографы пад маім кіраўніцтвам з гэтым справяцца самі. Ужо папярэдзіў Міністэрства культуры: маўляў, рыхтуйце грошы на касцюмы! Ну а бліжэйшыя планы --  некалькі нумароў на адкрыццё Еўрапейскіх гульняў, на “Славянскі базар у Віцебску”. Але ўжо зараз усе думкі --  у “Шчаўкунку”…

***

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ

рэдактар аддзела газеты "Культура"

Комментариев еще нет.

Оставить комментарий