Я всю свою сознательную жизнь разговаривал и писал по-русски. Так уж судьба сложилась, хоть я коренной во многих поколениях белорус – Дудкевич.
!Але ж!
На прыканцы жыцця, у год свайго васьмідзесяцігоддзя, як быццам нешта пераключылася ў маім разуменні сучасных абставін і, як з небыцця, выплылі словы, жарты і гутаркі майго далёкага дзяцінства, калі я жыў у вёсцы Сядзіч Быхаўскага раёна, навучаўся ў сельскай беларускай першапачатковай школе і размаўляў толькі па-беларуску.
Прыехаўшы ў Менск з бацькамі я, выдатнік па ўсіх прадметах, не быў прыняты ў трэці клас 4 Менскай школы, таму што не валодаў чужой для мяне расейскай мовай.
Праз год усё выправілася. У мяне была жыццёвая ўстанова быць выдатнікам. Я – ваенны і пасляваенны хлопчык – маленькі і кастлявы ад недакорму вымушаны быў кампенсаваць сваю фізічную недасканаласць нечым “інтэлектуальным”.
Азіраючыся далёка назад, нажаль, раблю сумныя высновы. Маё жыццё пачалося пад час вайны і, здаецца, у час иншай напасці і скончыцца. Сумна!
Але гутарка об іншым. Чаму ўскалыхнулася нешта ў душы і захацелася паразмаўляць з кімсьці на роднай мове? Чаму я так доўга не рабіў гэтага? Ні было з кім?, Ці не было жадання?
?Абставіны?
Сучасная беларуская мова дасканальная, пявучая, не падобная на другія славянскія мовы. Слухаем як на ёй размаўляюць адментныя людзі – беларусы і ўсё разумеем, заслухваемся мелодыкай і нейкай першароднай чысцінёй мовы.
Ёсць у гісторыі адзін павучальны прыклад устанаўлення роднай мовы. Як бы не здавалася ўсё гэта неверагодным, але здарэнне адбылося на нашай Радзіме – на Беларусі. Хлопчык з вёскі Лужкі Віцебскай губерніі – Элезэр Іцхак Перальман – з габрэйскай сям’і аднойчы слухаў як бацькі пяюць псалмы на старажытным іўрыце. Гэта мова не ўжывалася амаль два тысячагоддзі. Гэта была мова старажытных Палестыны і Ізраіля. І хлопчык сказаў: “Кожны габрэй павінен размаўляць на іўрыце!”
?Збылося?
Намаганняў было шмат, але і ідэя была слушная і вельмі нацыянальна арыентаваная.
Я ўжо вельмі сталы чалавек і разумею, што ў мяне наўрад ці атрымаецца ажыццявіць ідэю: “Кожны беларус павінен размаўляць па-беларуску!”. Але маладым гэта трэба зрабіць абавязкова.
Страцім мову – страцім Радзіму.